Бацькі абмяркоўвалі беларускае выхаванне дзетак

У гарадзенскай антыкавярні “Жывы час” цёплым травеньскім вечарам кампанія “Будзьма беларусамі!” сабрала публіку, зацікаўленую выхаваннем дзяцей па-беларуску. Сустрэча пачалася з роліка, у якім гарадзенцы адказвалі на пытанне “Як выхаваць дзіця беларусам?” Пакуль удзельнікі сачылі за адказамі гарадзенцаў, дзеці ўжо акупавалі kid’s zone з размалёўкамі ды цацкамі.

“Калі нарадзіўся сын, наноў давялося перачытваць гісторыю”

“Я бачу, што сёння давядзецца размаўляць на паўтону вышэй, — адзначыла вядоўца Хрысціна Марчук, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гарадзеншчыне, — улічваючы фон, які ствараюць нашы дзеткі… Што ж, пачнём з пытання да спікераў — чаму ўсё ж такі вы вырашылі выхоўваць дзяцей па-беларуску?”

Першай слова бярэ педагог Наталля Вашкевіч, якая прыйшла з 7-гадовым сынам Максімам:

“Мы ў Беларусі жывем, таму няма іншага выбару. Спадзяюся, што ўсе мы з часам да гэтага дойдзем…”

Больш разгорнуты адказ дала шматдзетная мама і публіцыст Таццяна Яворская:

“Я прыходзіла да беларушчыны з нараджэннем першага сына. Наноў давялося перачытваць гісторыю. Я вырасла без гэтага… скарбу. І не хачу, каб мае дзеці былі таксама яго пазбаўленыя”.

Таццяна адзначыла, што скарбы мовы і нацыянальнай гісторыі важна не хаваць ад дзіцяці менавіта для таго, каб ён меў выбар: кім быць у дарослым жыцці і на якой мове размаўляць. А рашэнне прыме ён ужо самастойна.

“Калі ў 1991-м трапіла ў беларускую школу, у бацькоў быў стрэс”

Да спікерскіх прамоваў далучаюцца галасы з залы.

“У нас рускамоўная сям’я, але мы з мужам лічым, што дзеці абавязаныя ведаць сваю родную мову, — кажа беларускі філолаг Інга Мармыш. — Наша дачка ходзіць у звычайны рускамоўны садок, а як вырасце — будзе выбіраць. Нашмат горш, калі пасля беларускіх садкоў дзеці размаўляюць па-руску — тады гэта трагедыя”.

Інга згадвае, як яе аддавалі ў 1991-м у беларускую школу, а бацькі, якія навучаліся калісьці ў рускамоўнай, перажылі сапраўдны стрэс: як дапамагаць дзіцяці вучыцца?.. Да беларушчыны ж яна дайшла пазней і цалкам самастойна.

Вядоўца Хрысціна Марчук спрабуе далучыць да дыскусіі і прысутных дзетак. Дачка Таццяны Рагнеда Касцян, якая ходзіць у беларускую гімназію ў Мінску, кажа, што ўсе яе сябры з “рускіх” школаў. “З рускамоўных”, — выпраўляе мама.

— Яны пытаюцца, чаму я размаўляю па-беларуску.

— І чаму?

— Бо я з беларускай сям’і!

Адказ, мабыць, самы вычарпальны з усёй дыскусіі, вышэйшы за канцэпцыі і складаную тэрміналогію дарослых.

Не размаўляеш з дзіцем па-беларуску? Пачні з калыханак!

Размова пераключаецца на цацкі і кніжкі. Бацькі вымушаныя прызнавацца, што збольшага ўсё шукаецца саматугам, не без цяжкасцяў.

Таццяна Яворская адзначае, што не хапае найперш беларускіх мульцікаў, таму яны вымушаныя “хаваць” расійскі прадукт. Наталля Вашкевіч дадае, што, будучы рускамоўнай у жыцці, беларускасць прывівала праз… калыханкі. Як бачым, спрацавала.

Цікавым было таксама пытанне пра трасянку ў дзяцей, якія растуць у білінгвальным асяроддзі:

“Да 6 гадоў дзеці ў любым выпадку будуць ужываць словы з абодвух моваў, каб выказаць думкі, — кажа Таня, — а ўжо як ідуць у школу, размаўляюць на мове, адпаведнай кампаніі: дзе па-руску, а дзе і па-беларуску. Таму “дзіцячай трасянкі” не варта баяцца”.

Ці заменяць дыскі бабульчыны казкі?

Пры канцы слова бярэ Святлана Чакушка, актывістка Студэнцкага этнаграфічнага таварыства з Віцебска і адна са стваральнікаў дыска “Забаўлянкі для Янкі”:

“Незваротна сыходзяць нашыя бабулі і дзядулі, носьбіты жывой мовы. Таму і для дзяцей іхныя казкі, загадкі ды лічылкі трэба нечым замяняць. Дыск ёсць акурат адной з такіх спробаў: пачутае ў дзяцінстве адкладаецца на ўсё жыццё…”

Пакуль Святлана зачытвала на спеўны манер адну з калыханак, змешчаных на дыску, абсалютна нечакана ў зале запанавала ціша: усе (!) дзеці на нейкі час кінулі мітусню і прыслухаліся да спеўнай мовы. Гены спрацавалі, нічога не скажаш!

А скончыўся вечар народнай гульнёй з элементамі карагода для дзяцей і дарослых — таксама пад кіраўніцтвам Святланы.

Усё ж такі найлепшая гарантыя захавання традыцыяў — гэта дзеці, для якіх казкі, забаўлянкі ды карагоды праз 5 альбо 25 гадоў будуць менавіта ўласнымі ўспамінамі, а не сухімі прыкладамі з падручнікаў этнаграфіі.

“Пра нацыянальную ідэнтычнасць свайго дзіцяці лепш думаць адпачатку. Тады, стаўшы дарослым чалавекам, яму ці ёй ужо не трэба траціць час і сілы на пошук сябе, сваёй ідэнтычнасці. Бо любой асобе заўсёды важна бачыць сябе ў розных маштабах: як часткі сям’і, роду, вёскі ці горада, агулам — народа. Навошта? Каб вырошчваць і ў сабе, і асабліва ў нашых дзецях той стрыжань, які будзе моцна трымаць і яднаць нас разам адзін з адным. Пакуль мы не ўсведамляем, што робіць нас падобнымі адно да аднаго, якія каштоўнасці, якая карціна свету робіць нас тымі, хто мы ёсць, мы пазбаўляем сябе вялікай сілы”, — падсумавала сустрэчу Хрысціна Марчук, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гарадзеншчыне.

Если, за чтением сказок и прогулками с детьми, вы не успеваете готовить вкусную и разнообразную еду — пригодится мультиварка REDMOND. У меня именно такая, и иначе чем «волшебный горочек» или «моя помощница» я ее не называю.

па-беларуску
Запрашаем на самае сямейнае афлайнавае ток-шоў. За апошнія пяць гадоў колькасць беларусаў, якія валодаюць беларускай мовай, скарацілася…
Состоится 26 мая (вторник) в 18.30 по адресу пл.Тизенгауза 5 (Гродненская детская школа искусств). Для взрослых вход…

Еще нет комментариев